Установа культуры «Музей „Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва“»

Музей быў адкрыты для наведвання ў 2004 г., пасля далучэння да яго выставачнай залы Беларускага саюза мастакоў, на базе якога музей ажыццяўляе выставачную дзейнасць. Музей створаны з мэтай вывучэння, падтрымкі і папулярызацыі творчасці сучасных мастакоў, развіцця традыцый Віцебскай народнай мастацкай вучэльні. Кожныя тры тыдні ў выставачных залах музея адкрываюцца новыя выставы прац сучасных мастакоў Віцебска, іншых гарадоў Беларусі і замежных краін. У рамках музея «Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва» створаны музей гісторыі Віцебскай народнай мастацкай вучэльні. Аснову экспазіцыі складаюць 27 стэндаў, на якіх прэзентаваны этапы гісторыі вучэльні і віцебскія перыяды жыцця М. Дабужынскага, М. Шагала, К. Малевіча, Л. Лісіцкага, В. Ермалаевай, Н. Коган, Д. Якерсона і інш. Колькасць адзінак захоўвання на 01.01.2012 г. — 2237. Самай адметнай з'яўляецца калекцыя творчых прац мастакоў па выніках пленэраў «Малевіч. УНОВІС. Сучаснасць». Пры выставачнай зале музея дзейнічае мастацкая студыя «Чысты колер». Супрацоўнікі музея пастаянна праводзяць экскурсіі, музейна-педагагічныя заняткі, чытаюць лекцыі, бяруць удзел у навуковых канферэнцыях, міжнародных праектах.